Шлях да сэрцаў нераўнадушных
Прислано novgpl November 29 2019 14:10:46
Шлях да сэрцаў нераўнадушных
27 лістапада у межах Года малой радзімы ў ліцэі адбылося чарговае мерапрыемства ─ “Дрэс-код кнігі В. Дубейкі “На беразе Мышанкі”. Аўтар даследавання ─ Васіль Міхайлавіч Дубейка ─ больш за 30 гадоў дасканала вывучае гісторыю Баранавіцкага раёна. Нястомны гісторык-краязнаўца, шукальнік новых і новых фактаў, знаходак, неабвержаных доказаў таго, што чалавечы фактар у гісторыі любой краіны, у жыцці наогул адыгрывае самую важную ролю, з сапраўдным захапленнем распавядаў нам пра радасці і цяжкасці абранага шляху. Прысутныя азнаёміліся з новымі працамі Васіля Міхайлавіча: “Бутрымаў Крашын” (пра лёс нашага знакамітага земляка, першага беларускага паэта) і “Паходжанне назваў населеных пунктаў Баранавіцкага раёна”, якія заснаваны на рэальных фактах, знаходках, адкрыццях, пачулі адказы на пытанні, якія іх зацікавілі.
Да сустрэчы было прымеркавана афармленне кніжнай паліцы “Нью-Мыш”, з інфармацыяй розных стыляў і жанраў пра Новую Мыш і яе ваколіцы, аўтарства якіх належыць не толькі паважанаму Васілю Міхайлавічу, а і іншым аўтарам, невялікае даследаванне нашага выпускніка Палойкі Уладзіміра пра фантастычна-рэальнае паходжанне назвы мястэчка, узоры моўных дыяментаў нашага краю і іншыя матэрыялы, мэта якіх ─ дапоўніць пачутае і ўбачанае, у чарговы раз ажывіць цікавасць да гісторыі, без якой, як кажуць мудрыя, не бывае і будучыні.